Беларуская Служба

Сяргей Шупа: Улічваючы ўзровень нацыянальнай свядомасці беларусаў 50 гадоў таму,  «Прадмова» — цуд 

22.11.2025 11:06
Фестываль «Прадмова» ў Варшаве адкрыўся дыскусіяй пра нацыянальны міф і ролю Караткевіча, які сфармаваў новае ўяўленне беларусаў пра сябе і сваё мінулае.
Аўдыё
  • Сяргей Шупа: Улічваючы ўзровень нацыянальнай свядомасці беларусаў 50 гадоў таму,  «Прадмова»  — цуд 
  ( ),  ,  ,  ,     ,  , 21  2025 .
Сяргей Шупа (першы злева), Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, Вольга Казлоўская, Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве, Фестываль «Прадмова», 21 лістапада 2025 г. Фота: Беларуская служба Польскага радыё/https://www.polskieradio.pl/396

Фестываль «Прадмова» ў Варшаве распачаўся дыскусіяй на тэму: «Наша зямля. Нелюбімая намі і страшная. Уладзімір Караткевіч і перастварэнне беларускага нацыянальнага міфа».

Мадэратарка дыскусіі, мовазнаўца, кандыдатка філалагічных навук Марына Казлоўская ў сваім уступе адзначыла: «Без нацыянальнага міфа немагчыма існаванне народа». Нацыянальны міф, падкрэсліла яна, — гэта наш вобраз саміх сябе, тое, што мы пра сябе напісалі, тое, што прынялі і засвоілі, тое, што транслюем з пакалення ў пакаленне рознымі спосабамі. Гэта і школьная праграма, і канон аўтараў, якія ў яе ўключаныя. Гэта тое, якія помнікі стаяць на нашых вуліцах і ў якой ступені гэта залежыць ад нас. Гэта і тое, якія імёны носяць гэтыя вуліцы. Сукупнасць усіх гэтых уяўленняў пра нас саміх, пра наша мінулае, пра нашу будучыню, пра тое, як мы выбудоўваем адносіны адно з адным, і складае нацыянальны міф.

Перакладчык і журналіст Сяргей Шупа адзначыў, што саветызацыя і звязаная з ёй русіфікацыя беларусаў у параўнанні з іншымі народамі, паняволенымі Савецкім Саюзам, на жаль, дасягнула найбольшага поспеху:

«Што значыць Беларусь, беларушчына, беларускае для мяне таго, 1960-70-ых гадоў? Гэта быў такі пераходны перыяд, калі пасля таго, як усё беларускае ў выніку падзей 1930-ых гадоў, вайны, пасляваенных зачыстак было закатана пад асфальт татальна, у канцы 1950-ых пачалі прабівацца нейкія парасткі. І яны прабілі гэты асфальт, але ўсё роўна замацавалася пэўнае ўяўленне пра тое, што такое Беларусь у агульнасавецкім кантэксце».

Паводле Шупы, Беларусь успрымалася як «рэспубліка-партызанка», а таксама як «вёска» — вынік стагоддзяў сацыяльных працэсаў, якія ўплывалі на культурныя, моўныя і этнічныя працэсы:

«Беларусь страціла свае вышэйшыя класы, якія на працягу стагоддзяў паланізаваліся, пасля русіфікаваліся. І Беларусь, і ўсё беларускае было загнанае пад сялянскую страху. А пасля таго, як у 1920-30-ых была фактычна знішчана вёска як сутнасць, гэта вёска пачала ўспрымацца як нешта вельмі адсталае. Памятаю, што беларусы проста сябе не ўспрымалі як асобную нацыю, я б сказаў. Было нейкае пытанне ў канцы 1980-ых: кім вы сябе хутчэй адчуваеце — прадстаўніком свайго карэннага народа сваёй рэспублікі ці савецкім чалавекам? З вялікім адрывам у гэтым спаборніцтве «перамаглі» беларусы, якія найменш адчувалі сябе беларусамі, найбольш — савецкімі людзьмі. Дубавец там у нейкім эсэ  пісаў: у войску прыходзіш і пытаешся — хто ты? Чалавек скажа: я эстонец, ці я кыргыз. Беларус скажа: я сяржант».

Сяргей Шупа таксама ўзгадаў пра катастрафічны стан беларускай адукацыі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя:

«У Мінску, здаецца, беларускія школы апошнія зачыніліся за «ненадабнасцю» у пачатку або ў сярэдзіне 1960-ых, бо ніхто туды не вёў сваіх дзяцей. Гэта ўсё складаецца ў такую не вельмі лёгкую карціну, і тое, што мы сёння тут сядзім і вось так пра гэта ўсё гаворым пасля 50 гадоў ад таго моманту, пра які я кажу, — гэта такі гістарычны цуд».

Паводле ўдзельнікаў, гэты «цуд» быў бы наўрад ці магчымы без творчасці Уладзіміра Караткевіча. Марына Казлоўская падкрэсліла, што менавіта ён падарыў беларусам супольнае ўяўленне пра мінулае, якое моцна адрознівалася ад тагачаснага канону беларускай літаратуры, які да Караткевіча грунтаваўся на так званым сялянскім змесце:

«На працягу ХХ стагоддзя беларуская літаратура спрабавала сканструяваць міф, але зрабіць гэта з пазіцый сялянскай нацыі вельмі складана. Бо сялянская нацыя — нацыя без каранёў. Тры пакаленні  і ўсё, потым драўляныя крыжы абвальваюцца, імёны продкаў забываюцца. «Камароўская хроніка» Максіма Гарэцкага — гэта спроба сягнуць глыбей, бо міф немагчымы без укаранення. Раманы Кузьмы Чорнага, увесь той цыкл, які спрабаваў паглядзець, як базавыя паняцці мяняюцца з стагоддзя ў стагоддзе і зноў жа — некім чынам укараніцца. Нават «Палеская хроніка» Івана Мележа — сягнуць глыбей хаця бы на некалькі пакаленняў і паглядзець, як мы эвалюцыянуем, як мы мяняемся. Гэта ўсё пра тое ж».

І менавіта тут, кажа Казлоўская, з'явіўся Караткевіч са сваёй амбітнай задумай:

«78 тамоў літаратуры я вам напішу — для таго, каб вярнуць гэтае адчуванне ўкаранёнасці сябе на сваёй зямлі».

Сяргей Шупа ўпэўнены, што Караткевіч зрабіў для беларусаў нешта ўнікальнае:

«Напэўна, ён проста з'явіўся ў той момант, калі была вялікая грамадская патрэбнасць у чымсьці такім. Там была вялікая лакуна, вялікая пустка. На яго ніхто не быў асабліва падобны. Такую літаратуру, як ён, ніхто толкам не пісаў. Ён спалучыў сюжэт, які не горшы, чым у Сянкевіча, і дадаў яшчэ нейкі місійны зарад — адкрыць кантынент, адкрыць каралеўства Беларусь уяўнае, якое ён зрабіў для нас сёння абсалютна рэальным. Напэўна, проста была ўрадлівая глеба, на якую гэта ўсё вельмі добра склалася. А ў яго была патрэба гэта стварыць і напісаць. Ён знайшоў свайго ўдзячнага чытача».

Паэт і літаратуразнавец Ціхан Чарнякевіч мяркуе, што ўплыў Караткевіча застаецца шмат у чым вырашальным і сёння:

«Творчасць Уладзіміра Караткевіча працягвае заражаць беларускасцю нават ва ўмовах рэжыму Лукашэнкі. Бо ў Беларусі, у тым ліку ў дзяржаўных выдавецтвах, менавіта Караткевіч застаецца самым выдаваным беларускім аўтарам».

Слухайце аўдыё!

эж